«Піянерскі квіз»

16.12.2019

Раённы этап рэспубліканскай інтэлектуальна-забаўляльнай гульні «Піянерскі квіз» (ад англ. quiz – “тэст”, “віктарына") прайшоў на базе сярэдняй школы № 3 г. Століна 14 снежня. За перамогу і права прадстаўляць наш раён на абласным этапе змагаліся 28 каманд 7-9 класаў.

Арганізатарам і вядучай мерапрыемства выступіла старшыня Столінскай раённай піянерскай арганізацыі Ірына Дабрыянец. За ходам гульні пільна і ўважліва сачылі незалежныя назіральнікі, а судзейская брыгада правярала правільнасць адказаў.

Юным інтэлектуалам трэба было адказаць на пытанні 6 тураў, кожны з якіх быў прысвечаны пэўнай тэме, а таксама бліснуць ведамі ў рызыка-туры. Піянераў чакалі разнапланавыя пытанні: на тэму гісторыі, грамадства, мастацтва, музыкі, прыроды роднай краiны, на логіку, кемлівасць і агульную эрудыцыю.

Па выніках гульні былі вызначаны тры лідары. Два прызавыя месцы – першае і трэцяе адпаведна - занялі каманды “Сангл бангл” і “Змей Гарыныч” сярэдняй школы № 2 р. п. Рэчыца (кіраўнік Таццяна Кужко), на другім месцы – каманда “Пакаленне NEXT» Веляміцкай сярэдняй школы (кіраўнік Святлана Ляшкевіч) .

Адстойваць гонар Століншчыны на абласным этапе будзе каманда “Сангл бангл”.

Гульня атрымалася цікавай і пазнавальнай. Удзельнікі праверылі свае веды, прадэманстравалі інтэлект і кемлівасць, а таксама ўменне працаваць у камандзе.