Акцябрацкі квэст "Па слядах Перамогі"

26.11.2019

У суботу 23 лістапада на базе сярэдняй школы № 3 г. Століна прайшоў раённы этап рэспубліканскай квэст-гульні для малодшых школьнікаў “Па слядах Перамогі…”

На старце гульні ў актавай зале сабраліся 14 каманд са школ раёна. З умовамі гульні пазнаёміла старшыня раённага савета ГА “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя” Ірына Дабрыянец.

Атрымаўшы маршрутныя лісты, удзельнікі рушылі па кропках квэста (а іх было шэсць), дзе на кожнай з іх трэба было выканаць пэўнае заданне, у якім адказ – на ваенную тэматыку. На станцыі “Шыфравальная” трэба было з двух прапанаваных слоў саставіць пароль, абавязкова выкарыстаўшы ўсе літары. “Пісьмо з фронту” - прачытаць зашыфраваны “ззаду – наперад, знізу – уверх” тэкст . Зрабіць з паперы дзве міны прадугледжвалася на кропцы “Міннае поле”. Акцябрацкі квіз “Ведай нашых” патрабаваў адказаў на пытанні гісторыі Вялікай Айчыннай вайны…

На кожнай станцыі ўдзельнікі атрымлівалі фотафрагменты, якія на фінішы трэба было склеіць у адну карціну.

Адзначу, што ўсе заданні выконваліся на час і за іх выстаўляліся балы.

Усе каманды-ўдзельніцы будуць узнагароджаны граматамі аддзела па адукацыі, а каманда, якая паказала найлепшыя вынікі, прадставіць Століншчыну на абласным этапе гульні.

Вось так у форме гульні малодшакласнікі замацоўваюць свае веды па гісторыі. Ці спадабалася ім гульня? На гэтае пытанне дзеці адказалі гучным: “Так!”