Лепшыя стваральніцы лялек

23.04.2019

У Мінску прайшоў рэспубліканскі конкурс “Традыцыйная беларуская лялька”, удзел у ім прынялі і выхаванцы ўзорнай студыі народных промыслаў “Вышыванка” пад кіраўніцтвам Валянціны Лёгкай. І не толькі прынялі, а і вярнуліся з узнагародамі.
Напачатку Аліса Калаур і Дар’я Сімончык ўдзельнічалі ў абласным этапе конкурсу, дзе бліскуча справіліся з заданнем, а на мінулым тыдні пабывалі ўжо ў Мінску.
- Мы ўпершыню прынялі ўдзел у такім масштабным майстар-клае, які быў арганізаваны на даволі высокім узроўні, - расказвае Валянціна Мікалаеўна.
Дзяўчаты самі стварылі лялькі. Можна было толькі карыстацца пэўнымі нарыхтоўкамі. За ўсім працэсам пільна сачылі, педагогаў не дапускалі, каб менавіта самі дзеці прадэманстравалі свае навыкі.
У выніку лялькі зроблены і журы накіравалася на абмеркаванне. Усе ўдзельнікі ўжо сталі пераможцамі, бо яны – лепшыя стваральнікі лялек з усёй краіны. І ўсе 22 чалавекі ўзнагароджаны дыпломамі ўдзельнікаў.
Работа Алісы Калавур адзначана Дыпломам ІІ ступені Міністэрства адукацыі.
- Нам вельмі спадабалася ўдзельнічаць у такім мерапрыемстве, - расказваюць Аліса і Дар’я. – Гэта значны вопыт. Мы ўбачылі, як стваралі лялькі іншыя ўдзельнікі, пазнаёміліся з рознымі спосабамі вырабу, рознымі строямі.
Дзяўчаты ўжо шосты год наведваюць студыю “Вышыванка”. За гэты час авалодалі рознымі тэхнікамі і прызнаюцца, што занятак стаў для іх хобі, якое цікава і карысна, а ў дадатак яшчэ і арыгінальна, модна і займальна.