Я-ПІЯНЕР!

20.05.2017

20 мая ў актавай зале Столінскай дзяржаўнай гімназіі адбыўся раённы форум, прысвечаны 95-годдзю піянерскага руху.

Сёння ў радах Столінскай раённай арганізацыі налічваецца 6456 піянераў і акцябрат. На раённы форум сабраліся каля 200 піянераў-лідараў піянерскіх дружын, педагогі-арганізатары устаноў адукацыі, госці – галоўны спецыялісмт аддзела адукацыі, спорту і турызму А.М. Максімовіч, загадчыца сектара аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Г.С. Шугалевіч, першы сакратар райкама ГА “БРСМ” В.В. Заруба, дырэктар Столінскага цэнтра дзіцячай творчасці Л.М. Леанавец.

 

-         Праходзіць час, мяняюцца людзі, перакананні і гісторыя, а піянерскі рух жыве і застаецца патрэбным. На ідэалах піянерыі вырасла не адно пакаленне. Патрыятызм, любоў да Радзімы, імкненне быць лепшым – вось далёка не ўсе тыя якасці, якімі валодаюць піянеры, - адзначыла ў сваім выступленні Алена Мікалаеўна і пажадала дзецям марыць, тварыць дабро і быць пасяпяховымі.

Увазе прысутных была прапанавана прэзентацыя вопыту работы педагога-арганізатара Асаўской сярэдняй школы Вольгі Мікалаеўны Валчковіч. Педагог з малодшымі школьнікамі ўдзельнічае ў інтэлектуальна-творчай гульні “Пароль: акцябронак. Ёсць кантакт!” у адпаведнасці з праграмамі ГА “БРПА” “Акцябраты” і “Гульня – справа сур’ёзная” сярод падпісчыкаў рэспубліканскай газеты для дзяцей і падлеткаў “Зорька”.

У адкрытым дыялогу “Усё залежыць ад нас саміх” рабяты задавалі гасцям самыя разнастайныя пытанні як з жыцця грамадскіх арганізацый, так і асабістага ўдзелу гасцей у  маладзёжным руху.

Падчас форуму адбылася работа майстар-класаў “Магчымасці для ўсіх”. Інфармацыйным тэхналогіям можна было павучыцца на майстар-класе “Планета Медыя” (кіраўнік Дульская Н. А.). Рабоце піянерскай агітбрыгады і Клуба Вясёлых і Знаходлівых “Нам любая справа па сіле”  навучалі педагогі-арганізатары Беражноўскай СШ Якуновіч В. І. і Давыд-Гарадоцкай СШ № 1 Логвінава А. І. Нямала жадаючых асвоіць тэхніку стварэння малюнка на твары “Вясёлыя фарбы” сабрала культураганізатар Столінскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці Банет М. С. Педагог  Фядорскай СШ Логвінка А. І. паказвала  майстар-клас “Чароўны фааміран” па вырабе сувеніраў і ўпрыгажэнняў.

                  

З вялікай цікавасцю ўдзельнікі форуму адказвалі на пытанні медыя-гульні “Азбука піянерскага лідара”.

У юбілейны год піянерыі было праведзена нямала спраў. Піянеры і дарослыя лідары прымалі ўдзел у раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсах і акцыях. За актыўную работу галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Алена Максімовіч уручыла піянерам і педагогам заслужаныя ўзнагароды. Граматай аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі ўзнагароджана педагог-арганізатар Асаўской сярэдняй школы Вольга Мікалаеўна Валчковіч.

На заканчэнне форуму Дар’я Леанавец і Настасся Дубавец (аб’яднанне па інтарэсах “Вясёлыя ноткі” Столінскага РЦДТ, кіраўнік Харавец Г.А.)  выканалі гімн піянераў Беларусі, а ўдзельнікі танцавальнага ансамбля “Карамель” прадэманстравалі флэш-моб “Я - піянер!”

У наш час піянерская арганізацыя жыве інтарэсамі дзяцей, іх захапленнямі. Дзверы краіны дзяцінства адчынены для дабрыні, творчасці і рамантыкі. І толькі сувязь пакаленняў, веданне гісторыі піянерскага руху дае права на будучыню піянерскай арганізацыі. Гэтую думку падкрэслівалі ўсе выступаючыя, бо піянерскі рух заснаваны на гісторыі, якую не перапішаш; традыцыях, якія мы захоўваем; і грамадзянскай пазіцыі, якую праяўляем.