Лідар новага пакалення

08.11.2016

Другога лістапада ў Столінскай гімназіі прайшоў традыцыйны раённы збор актыву дзіцячага грамадскага аб’яднання “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя”.

Піянеры з усіх устаноў адукацыі раёна вучыліся, як арганізаваць масавую справу, дзе і як правільна прымяняць піянерскія сімвалы, атрыбуты і рытуалы, што павінен ведаць і ўмець важаты і г. д. Усяго працавала сем сектараў: “Арганізатары масавых спраў”, “Атрадныя важатыя”, “Важатыя малодшых школьнікаў”, “Органы самакіравання”, “Сцяганосцы”, “Інфарматары, летапісцы, юныя карэспандэнты”, “Цімураўцы і валанцёры”. Настаўнікамі ў сектарах выступалі творчыя педагогі-арганізатары ўстаноў адукацыі раёна – Ю. А. Апановіч і А. В. Сахвон,  А. Г. Васілевіч і М. С. Навумовіч, А. І. Логвінава і Ю. В. Хрушчынская, С. М. Ляшкевіч і Н. К. Пульман, В. М. Валчковіч і І. В. Дабрыянец, В. І. Якуновіч і А. С. Сідарава. У сектары “Інфарматары, летапісцы, юныя карэспандэнты” перад піянерамі выступіла старшыня раённага савета ветэранаў, былы рэдактар раённай газеты “Навіны Палесся”, заслужаны журналіст Рэспублікі Беларусь В. В. Мірановіч.

Пасля заняткаў у сектарах удзельнікі форуму сабраліся ў актавай зале, каб падзяліцца думкамі аб атрыманых ведах, якія будуць выкарыстоўваць у сваіх піянерскіх дружынах.

-          Праведзеная вучоба піянерскага актыву служыць выяўленню і развіццю лідарскіх якасцяў у падрастаючага пакалення, стварэнню кадравага патэнцыялу для дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў, садзейнічае ідэалагічнаму, маральнаму і эстэтычнаму выхаванню школьнікаў, - гаворыць старшыня раённай піянерскай арганізацыі Ірына Васільеўна Дабрыянец. – Яна заклікана садзейнічаць фарміраванню ў навучэнцаў уменняў і навыкаў узаемадзеяння з педагагічнымі калектывамі, сацыяльным акружэннем, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, праяўленню ініцыятывы ў рэалізацыі сацыяльна значных праграм.

Завяршылася мерапрыемства выкананнем гімна піянераў Беларусі.