У Лідскім вянку

09.06.2016

У Лідскім вянку

Удзельнікі танцавальных ансамбляў “Карамель” і Столінскага цэнтра дзіцячай творчасці (кіраўнік Алена Казеня) вярнуліся з ІІІ Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу дзіцячага мастацтва “ЛьВёнак” (Лідскі вянок).

Юныя танцоры паказалі тры танцы і атрымалі заслужаныя ўзнагароды. Дыпломам І ступені адзначаны эстрадны танец “Хорошие девчата”, дыпломам лаўрэатаў І ступені – народна-сцэнічны танец “Барыня” (ён набраў 99 балаў са 100 магчымых) і дыпломам лаўрэатаў ІІІ ступені – стылізаваны танец “Вышыта сарочка”. Як фіналісты яны заахвочаны сімваламі фестывалю-конкурсу - “ЛьВёнкамі”, а Алена Казеня – дыпломам за высокое педагагічнае майстэрства і развіццё нацыянальных традыцый  харэаграфічнага мастацтва Беларусі.

Перш чым трапіць на фестываль, кіраўнік адправіла заяўку з трыма відэа танцаў. І ўжо тады прыйшло запрашэнне.

Пасля конкурснай праграмы для ўдзельнікаў быў арганізаваны круглы стол з аналізам выступленняў. У вольны час юныя танцоры азнаёміліся са славутасцямі горада.

“ЛьВёнак” (Лідскі вянок) узяў пачатак як адкрыты рэгіянальны фестываль-конкурс дзіцячага мастацтва ў 2008 годзе, а ў 2014 годзе атрымаў статус рэспубліканскага. Цяпер ён – культурны форум, які дынамічна развіваецца і сёлета сабраў больш як 2500 удзельнікаў з усіх абласцей Беларусі. У конкурснай праграме ўдзельнікі спаборнічалі ў намінацыях: “Сольнае выканальніцтва”, “Ансамблевае выканальніцтва”, “Харэаграфічнае мастацтва”, “Аркестравыя і харавыя калектывы”.

Чаму сімвалам фестывалю-конкурсу “Лідскі вянок” стаў Львёнак? Леў ёсць на гербе горада Ліда. А вялікага майстра ў мастацтве і літаратуры ў старажытнасці называлі Мэтрам ці Львом. Конкурс “Лідскі вянок” выяўляе маленькіх ільвят, якія пасля доўгіх гадоў самаўдасканалення могуць стаць знакамітымі Львамі.

Галіна ГАШЧУК