Моладзь. Творчасць. Гумар

02.03.2016

Мы – маладыя!

        26 лютага ў актавай зале Столінскай дзяржаўнай гімназіі сабраліся тыя, хто любіць смех і жарты, хто весела знаходзіць выйсце ў любой сітуацыі, праяўляючы кемнасць і гумар. Тут праходзіў раённы фестываль каманд Клуба вясёлых і знаходлівых сезона 2016 года. Тэма гульні – “Моладзь. Творчасць. Гумар”.

       На фестываль былі заяўлены 13 каманд з 12 устаноў адукацыі: “Хоррордэнс” (Гараднянскі ВПК яслі-сад сярэдняя школа), “Максімум” (Рубельская СШ), “Пятніца, 13” (СШ № 2 г. Давыд-Гарадка), “Не падарунак” (Веляміцкая СШ), “Оба-на” (Варанёўская СШ), “Дэнс-крэатыў” (Вялікамалешаўская СШ), “Дэжавю” (Стружская СШ), “ВЭМСАГ” (СШ № 1 г. Давыд-Гарадка), “Нанайцы” (Столінскі цэнтр дзіцячай творчасці), “Чырвоны перац” (Столінская гімназія), дзве каманды - “Дэманы” і “Экспанат” - выставіла сярэдняя школа № 2 г. Століна. Каманда Глінкаўскай сярэдняй школы на гульню не з’явілася.

Перад пачаткам гульні ўдзельнікаў вітала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Алена Мікалаеўна Максімовіч.

Каманды прадставілі на суд журы і гледачоў прывітанне-візітоўку “Добры дзень, гэта мы!”

У журы ўвайшлі галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Алена Мікалаеўна Максімовіч, першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Вадзім Васільевіч Заруба, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце раённага цэнтра дзіцячай творчасці Таццяна Мікалаеўна Хоміч і дырэктар раённага карэкцыйна-развіваючага цэнтра і рэабілітацыі Іна Аляксееўна Шаламіцкая.

        Крытэрыямі ацэнкі выступленняў быў змест (вытрыманасць тэмы конкурсу), гумар, арыгінальныя формы выступлення, здольнасць да імправізацыі, мастацкае і музычнае афармленне, стыль каманды. А яшчэ – рэакцыя гледачоў. Па ёй можна было меркаваць, ці спадабаўся жарт, наколькі “зачапіла”.  А жартавалі рабяты на тэму школьнага жыцця, правядзення вольнага часу, адлюстроўвалі грамадскія з’явы. Варта заўважыць, што ў большасці каманды сабраліся моцныя, іх узровень значна вырас, прыкметна іх жаданне мець свой стыль і сцэнічны вобраз.

       Выступленні ацэньваліся па пяцібальнай шкале. Максімальную колькасць балаў – 20 – набралі шэсць каманд. А працягнуць гульню ў наступным этапе каманды “Хоррордэнс”, “Дэжавю”, “ВЭМСАГ”, “Нанайцы”,  “Чырвоны перац”, “Дэманы” і “Максімум”. Раённы фінал адбудзецца 22 сакавіку ў Століне.

                                                                                                                        Галіна ГАШЧУК

Фота аўтара