Ісціна коштам хвіліны спрэчак

16.02.2016

Уключай інтэлект!

Ісціна коштам хвіліны спрэчак

Восем каманд устаноў адукацыі Століншчыны прынялі ўдзел у трэцім адборачным этапе ХХІІІ Рэспубліканскага сінхроннага чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях – чэмпіянаце Брэсцкай вобласці па гульні “Што? Дзе? Калі?”. Мерапрыемства адбылося на базе гімназіі № 3 імя В. Каржа г. Пінска ў суботу 24 студзеня 2016 года.

У ліку 30 каманд, якія спаборнічалі ў ведах і эрудыцыі, выступалі каманды “Рэйс № 14” (Столінскі цэнтр дзіцячай творчасці, кіраўнік Ірына Васільеўна Дабрыянец), “Антарэс” і “Рызыка-Версія” (гімназія, кіраўнік Алена Пятроўна Мірановіч), “Лунный свет” (Глінкаўская сярэдняя школа, кіраўнік Аляксандр Мікалаевіч Комісаў), “Розуму Палата” (Фядорская сярэдняя школа, кіраўнік Ніна Анатольеўна Савецкая), “Новае пакаленне” (Рубельская сярэдняя школа, кіраўнік Наталля Мікалаеўна Машлякевіч), “Максімум плюс” (Беражноўская сярэдняя школа, кіраўнік Вольга Іванаўна Якуновіч) і “Корань з шасці” (сярэдняя школа № 3 г. Століна, кіраўнік Марына Сяргееўна Навумовіч).

Усяго па рэспубліцы ўдзельнічала рэкордная колькасць каманд – 429. Для інтэлектуальных гульняў было задзейнічана 20 пляцовак, з іх чатыры – у Брэсцкай вобласці. Пытанні агучваліся пры дапамозе аўдыёзапісу адзіным вядучым (рэдактар Павел Забаўскі, г. Мінск).

Усе нашы каманды даволі нядрэнна выступілі, а каманда “Максімум плюс” у першым і другім турах увогуле была ў ліку лідараў. Па выніках трох тураў гульні яна заняла трэцяе месца ў пінскай зоне, адстаўшы ад пераможцаў толькі на адзін бал.

-          Інтэлектуальныя гульні прыцягваюць усіх, незалежа ад узросту, а ў раёне дзейнічаюць 38 каманд інтэлектуалаў,  - гаворыць кіраўнік клуба знатакоў “Альтэрнатыва” Столінскага цэнтра дзіцячай творчасці Ірына Васільеўна Дабрыянец. – Нездарма гульню называюць восьмым цудам свету, бо менавіта ў працэсе гульні свет дзяцінства злучаецца са светам навукі. І нават пройгрыш на справе – гэта толькі працяг гульні.

Галіна ГАШЧУК