“Be Flex”, “Карамель” і “Музыкальная капель” з канцэртам у Юрмале і Таліне

26.01.2016

Культурны асяродак

BeFlex”, “Карамель” і “Музыкальная капель” з канцэртам у Юрмале і Таліне

З дзявятага па 11 студзеня  ўдзельнікі ансамбля танца “Карамель” студыі танца “BeFlex”,  танцавальны калектыў Столінскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці пад кіраўніцтвам педагога Алены Валяр’янаўны Казені і прадстаўнікі вакальнага ансамбля “Музыкальная капель” Столінскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці з педагогам Анжалікай Васільеўнай Калавур прынялі ўдзел у міжнацыянальным канцэртным праекце “Рождественские встречи с Волной…” (Латвія - Эстонія).

-          Гэта наш першы сумесны латвійска-эстонска-беларускі праект для дзяцей і моладзі, - расказвае Алена Казеня. - Галоўнымі яго арганізатарамі сталі з беларускага боку - грамадская арганізацыя “Фестывальны цэнтр” і ТАА “Хваля ідэй”, з латвійскага - юрмальскі адукацыйны цэнтр “Рудага” і з эстонскага - Беларускае таварыства культуры “Лёс” у Таліне. Нагадаю, што яшчэ ў чэрвені 2015 года наш танцавальны калектыў “Карамель” стаў лаўрэатам першай ступені міжнароднага творчага конкурсу “ГрандФестываль” у г. Пезара (Італія) і вось у верасні, як і абяцалі арганізатары дадзенага фестывальнага тура, ГА “Фестывальны цэнтр” даслаў запрашэнне працягнуць наша сяброўства міжнароднага ўзроўню і  прыняць удзел у міжнацыянальным канцэртным праекце на тэрыторыі  Латвіі і Эстоніі.

Што такія праекты дапамагаюць развіццю міжнацыянальных сувязяў  шляхам абмену мастацкай творчасцю паміж краінамі і садзейнічаюць творчаму росту дзяцей, Алена Казеня, канешне, цудоўна разумела, але адважыцца на такі крок было цяжкавата, бо для гэтага патрабавалася шмат сілаў і намаганняў. трэба было падрыхтаваць сцэнічныя касцюмы, да дробязяў прадумаць канцэртную праграму. А галоўнае – годна  паказаць беларускую нацыянальную культуру і прадставіць Столінскі раён на высокім узроўні. Прапанавалі разбавіць харэаграфічныя нумары выступленнем вакальнага ансамбля “Музыкальная капель”, а прафесійная парада педагога Анжалікі Васільеўны Калавур прыйшлася таксама  да часу.

Вядучым спецыяльна распрацаванай для ўдзелу ў праекце канцэртнай праграмы стаў Уладзімір Казеня. Адмысловае мастацтва непадробнай дзіцячая творчасці выдатна спалучалася з харызмай мужчыны-вядучага.

- Мы ехалі, каб расказаць на юрмальскай і талінскай сцэнах, што  ў кожнага чалавека ёсць свая Радзіма і кожны чалавек любіць яе, родную прыроду, мову, народ, песні і танцы, - тлумачыць Алена Казеня.

 І вось восьмага студзеня група з 39 чалавек, у ліку якіх былі вышэйзгаданыя калектывы і  іх кіраўнікі, а таксама дырэктар Столінскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці Людміла Мікалаеўна Леанавец, Уладзімір Казеня і  бацькі,  накіравалася ў Рыгу  аўтобусам, які прыбыў па дэлегацыю ў р. п. Рэчыца, а ўжо дзявятага студзеня горад ва ўсёй красе паўстаў перад беларусамі.

-          Экскурсія па горадзе была вельмі цікавай, асабліва спадабаўся стары горад сваёй непаўторнасцю і велічнасцю, – расказвае Анжаліка Васільеўна. – Праграма нашага знаходжання ў Латвіі была да такой ступені насычанай, што, здаецца, ніводнай хвілінкі мы не правялі, каб не любавацца прыгажосцю краіны, каб не адзначаць для сябе нешта новае, нязвыклае для нашага штодзённага жыцця.

-          А далей нас чакала Юрмала. Гэта горад стваральнай энергіі, бо не здарма біяграфіі таленавітых людзейсусветнага ўзроўню непарыўна звязаны з Латвіяй і асабліва з Юрмалай.

Захапленне выклікала ўсё - мора, паветра, адносіны, гасціннасць…  Нас засялілі ў санаторый “Бурштынавы бераг”, а крыху пазней мы  ўжо давалі свой першы канцэрт у санаторыі “Яўнкемеры”.

-          Прызнаюся, што вельмі хваляваліся, - дадае Алена Казеня. – Як дзеці, так і ўсе мы, дарослыя. Але гэта вопыт, каласальны вопыт, які нельга ні з чым параўнаць. Канцэртная праграма прыйшлася даспадобы. Нас вельмі добра сустракалі.  

Для Анжалікі Васільеўны самым неспадзяваным і прыемным момантам стаў падарунак ад  кампазітара Станіслава Коршака, які мае беларускія карані (нарадзіўся на Случчыне), але  ўжо 30 гадоў жыве ў Латвіі, які падарыў дыскі са сваімі аўдыёзапісамі “Встречаемся в Юрмале” і “Моим друзьям”, а адну песню нават прысвяціў столінскаму калектыву, якая, будзем спадзявацца, хутка з’явіцца ў рэпертуары вакальнага ансамбля.

На наступны дзень дэлегацыя накіравалася ў Талін, дзе гід правёў экскурсію па горадзе.   Знаёмства са старшынёй праўлення Беларускага таварыства культуры “Лёс” Таццянай Ніжнік і выступленне ў рускамоўнай школе г. Таліна, дзе ўсе цёпла сустракалі юных танцораў і спевакоў. Гледачы былі проста ў захапленні ад беларускай культуры, нацыянальных танцаў і песень на беларускай мове. Дзеці абмяняліся паміж сабой сувенірамі, а Таццяна Ніжнік ад імя арганізатараў Фестывальнага цэнтра “Хваля ідэй” выказала ўдзячнасць і ўручыла падзяку  кіраўніку ансамбля танца “Карамель” Алене Казені і кіраўніку вакальнага ансамбля “Музыкальная капель”  Анжаліцы Калавур за садзейнічанне і ўдзел у арганізацыі міжнацыянальнага канцэртнага праекта “Рождественские встречи с Волной…” (Латвія-Эстонія), а таксама ўручыла ім дыпломы за актыўны ўдзел у міжнародным праекце “Рух дзяцей і моладзі” і падтрымку беларусаў, якія пражываюць у Эстоніі, у захаванні  і развіцці іх нацыянальна-культурнай самабытнасці.

Алена Казеня і Анжаліка Калавур ад свайго імя і імя сваіх выхаванцаў выказваюць падзяку дырэктару Столінскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці Людміле Мікалаеўне Леанавец за падтрымку і дапамогу пры арганізацыі і рэалізацыі фестывальнага тура, а таксама ўсім бацькам за магчымасць удзелу ў дадзеным мерапрыемстве, а Бабіч Нэлі Васільеўне, Гайдук Кацярыне Мікалаеўне, Якімчук Іне Мікалаеўне, Шылінай Ганне Іванаўне, Сімончык Таццяне Васільеўне -  за дапамогу падчас паездкі.

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Фота Алены КАЗЕНІ і Анжалікі КАЛАВУР