Радавод

26.01.2016

РАДАВОД

“Калі марнею ад нягод і сэрцу цесна, я ўспамінаю радавод і продкаў песні…”

У суботу 23 студзеня 2016 года ў актавай зале сярэдняй школы № 2 г. Століна адбыўся раённы конкурс фальклорнага мастацтва “Радавод”. Яго мэта – зберажэнне самабытнай культуры Століншчыны, папулярызацыя яе сярод дзяцей і моладзі, ажыццяўленне дыялогу паміж рознымі пакаленнямі і носьбітамі, прыцягненне ўвагі да праблем выхавання дзцей і моладзі сродкамі традыцыйнай народнай культуры.

Свае праграмы на суд журы прадставілі дзевяць школ раёна.

Вучні 7-10 класаў Вялікамалешаўскай сярэдняй школы (кіраўнік Таццяна Аляксееўна Курышка) ажыццявілі паказ мясцовага абраду “Біццё кашы”  падчас хрысцін дзіцяці, а фальклорны гурт “Калінка” Харомскага ВПК яслі-сад сярэдняя школа – абрад “Гуканне вясны” (кіраўнікі Наіалля Фёдараўна Кунай і Дана Міхайлаўна Васільева).

У гасцёўню “Добры вечар, шчодры вечар!” запрасілі вучні 6-9 класаў сярэдняй школы № 2 аг. Альшаны (кіраўнікі Людміла Сямёнаўна Лемяза і Юлія Мікалаеўна Пузейчук), а на вясельны абрад “Снеданне” - Рубельскай сярэдняй школы (кіраўнік Алена Міхайлаўна Вабішчэвіч).

Нізку танцаў, запісаных у вёсках Століншчыны, прадэманстраваў узорны калектыў фальклорнага танца “Полесскіе плясуны” сярэдняй школы № 2 г. Століна (кіраўнік іван Лукашавіч Лёгкі).

Некаторыя школы былі прадстаўлены толькі вакальнымі нумарамі: песні “Каляда” (трыа дзяўчынак Сямігосціцкай сярэдняй школы), “Давыд-Гарадок” (Ганна Скрабейка і Аляксандра Цюцюра , сярэдняя школа № 1 Давыд-Гарадка), “У зялёным гаі” (Мілена Бруцкая, гімназія), “Купалле” (сярэдняя школа № 3 р. п. Рэчыца).

Дэкаратыўна-прыкладны накірунак быў прадстаўлен Сямігосціцкай СШ, Арлоўскай СШ, Глінкаўскай СШ, Вялікамалешаўскай СШ і ЦДТ г. Століна.

Па выніках раённага конкурсу журы вызначыць лепшых выканаўцаў, якія прадставяць Століншчыну на занальным аглядзе фальклорнага мастацтва “Радавод”, які адбудзецца 6 лютага ў Пінску.