Ведай наших!!!

10.01.2015
Столiнскiя знатакi – прызёры «Хрустальнага зубра». У Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня” закончылася змена “Хрустальны зубр”, якая сабрала 37 каманд рабят-інтэлектуалаў з усёй краіны. Століншчыну прадстаўлялі каманды “Пантэры” і “Ліга” Столінскага цэнтра дзіцячай творчасці з ліку вучняў сёмых-восьмых класаў школ горада.

Столiнскiя знатакi –

прызёры «Хрустальнага зубра»

Тры тыдні, якія правялі там рабяты, акрамя школьных заняткаў, былі насычаны шматлікімі мерапрыемствамі. Кожны дзень праходзілі інтэлектуальныя гульні: “Брэйн-рынг”, “Свая гульня”, “Што? Дзе? Калі?”, “Рызыкні!” Усяго адбылося 19 гульняў. У госці да рабят паказаць майстар-клас прыязджалі знатакі Беларускай лігі інтэлектуальных клубаў, вядомыя па тэлевізійнай гульні “Што? Дзе? Калі?”. Навука не прайшла бясследна. У рэспубліканскім турніры інтэлектуальных гульняў “Хрустальны зубр” каманда “Пантэры” Столінскага цэнтра дзіцячай творчасці ў “Сваёй гульні” адзначана дыпломам трэцяй ступені і медалямі за трэцяе месца. Вось імёны ўдзельнікаў каманды: Настасся Лічэўская (капітан каманды), Мікіта Трапец, Аляксей Савашынскі, Валерыя Богнат, Вераніка Кавальская і Уладзіслаў Галуха.

Акрамя інтэлектуальных турніраў, рабяты пабывалі    на   экскурсіях    у   Мядзельскім краязнаўчым музеі, музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску, наведалі Маладзечна і Полацк.

– Змена ў “Зубраняці” пакінула цудоўныя ўспаміны, - дзеліцца ўражаннямі Настасся Лічэўская. – Надоўга запомніцца сустрэча з Фёдарам Шведавым, які, уручаючы дыплом, паціснуў руку са словамі: “Асобны рэспект капітану”.

Дарэчы, Насця ўзнагароджана дыпломам за даследчую работу “Чаму мы даём адзін аднаму мянушкі?” у рамках форуму сацыяльных праектаў “Вектар у будучыню”. Акрамя таго Падзячныя лісты за выхаванне Насці Лічэўскай і яе ўдзел у справах і мерапрыемствах дзіцячага актыву лагера, разнастайных конкурсах і праграмах накіраваны бацькам Насці і педагагічнаму калектыву сярэдняй школы № 2 г. Століна, дзе вучыцца дзяўчынка.

Рабяты прыехалі перапоўненыя эмоцыямі. Змена іх моцна з’яднала, пасябравала і дадала вопыту ў інтэлектуальных гульнях. Юных знатакоў у Цэнтры дзіцячай творчасці цёпла павіталі дырэктар Людміла Мікалаеўна Леанавец і кіраўнік інтэлектуальнага клуба “Альтэрнатыва” Ірына Васільеўна Дабрыянец. Дарэчы, на інтэлектуальную змену ў НЦД “Зубраня” ўдзельнікі клуба накіроўваюцца кожны год.

– Мы будзем імкнуцца, каб у наступным годзе кубак “Хрустальны зубр” быў нашым, - паабяцалі рабяты.