Ведай нашых!

26.01.2022

 

Што? Дзе? Калі? – ведае “Парніковы эфект”

 23 студзеня адбыўся трэці этап ХХV Рэспубліканскага чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях сярод школьнікаў. Cінхронны адборачны тур праходзіў з адначасовым стартам у 19 гарадах Беларусі. Удзел прынялі 323 каманды (1938 чалавек).

На гульнявой пляцоўцы ў Пінску сярод 24 каманд з Іванаўскага, Лунінецкага, Столінскага, Пінскага  раёна і горада Пінска ў чэмпіянаце прынялі ўдзел пяць каманд знатакоў са Століншчыны. Гэта - “Рызыка-версія” (Столінская гімназія), “Парніковы эфект” (Альшанская сярэдняя школа № 1), “Максімум” (Беражноўская сярэдняя школа), “PROF” (сярэдняя школа № 3 г. Століна) і “NEXT” (Стружская сярэдняя школа).

Рэспубліканскім маладзёжным грамадскім аб'яднаннем "Беларуская ліга інтэлектуальных каманд" знатакам было прапанавана 45 пытанняў (тры туры па 15 пытанняў у кожным). Усе заданні былі ў аўдыяфармаце.

Уцешна, што каманда “Парніковы эфект” па колькасці правільных адказаў на пляцоўцы ў Пінску набрала 34 балы з 45 магчымых і аказалася на другім месцы.

Нагадаю, што названая каманда, якую трэніруе настаўнік геаграфіі Ігар Скрабец, штогод паказвае добрыя вынікі ў інтэлектуальных гульнях.

А вось што кажуць самі ўдзельнікі “Парніковага эфекту”.

 Анатоль Пасюк, капітан каманды:

-        Гэта быў для мяне шосты рэспубліканскі сінхронны турнір у г. Пінску. Пачаў гуляць яшчэ ў пятым класе. Шкада, што заканчваюцца школьныя гады, а разам з імі і мая кар’ера знатака сярод школьнага інтэлектуальнага руху. Вельмі прыемна было паказаць такі добры вынік, устанавіўшы рэкорд раёна па правільных адказах. Хочацца пажадаць будучым пакаленням знатакоў удачы і перамог у інтэлектуальных гульнях.

Аляксандра Скрабец (7 клас)

-        Для мяне гэта быў першы турнір такога ўзроўню, таму было хвалююча. Хацелася не падвесці больш вопытных удзельнікаў каманды. Вельмі спадабаўся і сам турнір, і пытанні, і тым больш пачуццё, калі адказваеш правільна. Хацелася б яшчэ паўдзельнічаць у падобных спаборніцтвах і працягнуць пераможныя традыцыі.

Чэмпіянат па інтэлектуальных гульнях праводзіцца ўстановай адукацыі "Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі" Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь з мэтай распаўсюджвання і прапаганды ведаў і інтэлектуальных формаў вольнага часу сярод дзяцей і падлеткаў, папулярызацыі інтэлектуальных гульняў.