«Пра Беларусь нашу мілую»

17.03.2022

… КВІЗ-гульня пад такой назвай адбылася 15 сакавіка, у Дзень Канстытуцыі, у Столінскім раённым цэнтры дзіцячай творчасці.

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі непасрэдна Столінскі РЦДТ разам з раённым камітэтам галіновага прафсаюза і  раённым аб’яднаннем  «Белая русь».

Удзел у мерапрыемстве прынялі тры каманды. Самая вопытная каманда «Валошкі» аб’яднала педагогаў, якія прысвяцілі сістэме адукацыі ўсё сваё жыццё. «Беларусы» - гэта маладыя настаўнікі, кіраўнікі, лідэры галіновага прафкама, якія робяць першыя крокі ў адукацыю, але ўпэўнена і рашуча. Каманда «Красотки» – гэта шэсць вучаніц-прыгажунь старшых класаў, актывістак, прадстаўніц маладзёжнага парламенту, якія вырашылі паспрабаваць свае веды, нягледзячы на тое, што спаборнічаць з настаўнікамі не так проста.

Прывітала ўдзельнікаў сустрэчы старшыня раённага савета Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі, кіраўнік інтэлектуальнага клуба Ірына Дабрыянец. Павіншавала прысутных з Днём Кастытуцыі старшыня райкама галіновага прафсаюза Людміла Цупа і падкрэсліла падзейнасць гэтага свята, зыходзячы з таго, што менавіта 15 сакавіка ўступіла ў сілу новая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Прафсаюзны лідар павіншавала ўдзельнікаў каманды «Красотки» з атрыманнем важнага дакумента – пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. 

-    Пачынаецца Канстытуцыя са слоў «Мы, народ Рэспублікі Беларусь,..», - падкрэсліла Людміла Лявонцьеўна. - І мы – гэта маленькая часцінка гэтага народу. Таму кожны з нас павінен ўносіць свой уклад у развіццё Беларусі. Працаваць, дапамагаць сваім родным і блізкім, клапаціцца пра тых, каму гэта неабходна, - гэта і ёсць актыўная грамадзянская пазіцыя. 

Далей камандам прапанавалі прайсці некалькі тураў КВІЗ-гульні, якія тычыліся Осноўнага Закона, дзяржаўнага строю, гісторыі і традыцый краіны, а таксама геаграфічных звестак, жывёльнага свету, спартыўных дасягненняў і г. д. 

Гульня прайшла на высокім узроўні. У зале панавала святочная дабразычлівая атмасфера. Каманды прадэманстравалі трывалыя  веды, таму з перавагай у адзін бал перамагла каманда «Валошкі», другое месца занялі «Беларусы», а на трэцім «Красотки». Пераможцы гульні атрымалі карысныя падарункі, якія дапамогуць сістэматызаваць іх веды, флэш-карты, а астатнія ўдзельнікі гульні – салодкія падарункі.