Архив новостей

Юныя майстры па выцінанцы

20.11.2020

 

З узнагародамі вярнуліся Ксенія Парфіевіц і Ганна Агіевіч з конкурсу юных майстроў у рамках абласной выстаўкі дзіцячай творчасці “Берасцейшчына: традыцыі і святы”. Дзяўчынкі пяты год займаюцца ў студыі “Скарбонка рамёстваў” Столінскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці. Пад кіраўніцтвам умелага педагога дадатковай адукацыі Алены Крук юныя майстрыхі асвойваюць роспіс па шкле і дрэве, бісерапляценне, выцінанку і іншыя віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

  • Абласны конкурс такога кшталту праводзіўся ўпершыню, - расказвае Алена Дзямідаўна. – Кожнаму ўдзельніку трэба было распрацаваць канцэпцыю конкурснай работы, без папярэдняй падрыхтоўкі падрыхтаваць эскіз, на выкананне адводзілася дзве гадзіны. Нашы канкурсанткі ўдзельнічалі ў намінацыі “Беларуская традыцыйная выцінанка”, а тэма задання – “Святы” – прысвечана традыцыйным беларускім святам.

Для сваёй работы Ксенія выбрала народны звычай святкавання заканчэння жніва і выразала пано ”Дажынкі”. Аня ўзяла за творчае заданне свята Калядаў. Шляхам шматразовага перагінання паперы дзяўчынкі нажніцамі выразалі нанесены эскіз, пасля распрамлялі і афармлялі ў рамку. Праз адведзены час кожны ўдзельнік абараняў сваю творчую работу – знаёміў са сваёй дзейнасцю, выкарыстоўваючы паэтычныя, фальклорныя і музычныя элементы. Расказвалі, чаму выбралі менавіта такі напрамак, што абазначае кожны сімвал.

Па выніках конкурсу Ксенія Парфіевіц узнагароджана Дыпломам І ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, у Ганны АгіевічДыплом ІІ ступені.

  • Мы ўпершыню прымалі ўдзел у такім конкурсе, - дзеляцца ўражаннямі дзяўчынкі. – Было вельмі цікава, захапляюча і ў той жа час хвалююча. Нам спадабалася арганізацыя мерапрыемства, мы ў захапленні.

– Выцінанка – рамяство, якое, акрамя творчай фантазіі, патрабуе ўседлівасці, акуратнасці, цярпення, - працягвае Алена Дзямідаўна. – Ксенія і Ганна ў поўнай меры валодаюць такімі якасцямі, вельмі старанныя і таленавітыя, таму  ў іх усё цудоўна атрымліваецца. Абедзве навучэнкі 9 класа сярэдняй школы № 3 г.Століна. Пастаянна ўдзельнічаюць  у разнастайных мерапрыемствах і займаюць прызавыя месцы. Словам, малайцы!

                                                                                                 

свернуть
27 ноября, четверг

Приветствие!

подробнее...