Министерство образования Республики Беларусь
Отдел по образованию Столинского райисполкома
Государственное учреждение дополнительного образования
"Столинский районный центр детского творчества"
З узнагародамі вярнуліся Ксенія Парфіевіц і Ганна Агіевіч з конкурсу юных майстроў у рамках абласной выстаўкі дзіцячай творчасці “Берасцейшчына: традыцыі і святы”. Дзяўчынкі пяты год займаюцца ў студыі “Скарбонка рамёстваў” Столінскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці. Пад кіраўніцтвам умелага педагога дадатковай адукацыі Алены Крук юныя майстрыхі асвойваюць роспіс па шкле і дрэве, бісерапляценне, выцінанку і іншыя віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Для сваёй работы Ксенія выбрала народны звычай святкавання заканчэння жніва і выразала пано ”Дажынкі”. Аня ўзяла за творчае заданне свята Калядаў. Шляхам шматразовага перагінання паперы дзяўчынкі нажніцамі выразалі нанесены эскіз, пасля распрамлялі і афармлялі ў рамку. Праз адведзены час кожны ўдзельнік абараняў сваю творчую работу – знаёміў са сваёй дзейнасцю, выкарыстоўваючы паэтычныя, фальклорныя і музычныя элементы. Расказвалі, чаму выбралі менавіта такі напрамак, што абазначае кожны сімвал.
Па выніках конкурсу Ксенія Парфіевіц узнагароджана Дыпломам І ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, у Ганны Агіевіч – Дыплом ІІ ступені.
– Выцінанка – рамяство, якое, акрамя творчай фантазіі, патрабуе ўседлівасці, акуратнасці, цярпення, - працягвае Алена Дзямідаўна. – Ксенія і Ганна ў поўнай меры валодаюць такімі якасцямі, вельмі старанныя і таленавітыя, таму ў іх усё цудоўна атрымліваецца. Абедзве навучэнкі 9 класа сярэдняй школы № 3 г.Століна. Пастаянна ўдзельнічаюць у разнастайных мерапрыемствах і займаюць прызавыя месцы. Словам, малайцы!